Новое оборудование пополнило материальную базу Добрушской районной больницы

Па апошнім слове тэхнікі. Так можна ахарактарызаваць новае абсталяванне, якім абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база лячэбных устаноў раёна.

Так, нядаўна ў стацыянар даставілі відэагастраскоп для правядзення абследавання органаў стрававання. Абсталяванне коштам каля 140 тысяч рублёў атрымана па рэспубліканскай праграме пераадолення наступстваў на Чарнобыльскай АЭС. Новы апарат адпавядае сучасным патрабаванням. Спецыялісты адзначафюць высокую якасць дыягностыкі, у тым ліку ранніх стадый захорванняў.

– Гастраскапія – запатрабаваны від абследавання ў насельніцтва нашага раёна, – адзначыў загадчык хірургічнага аддзялення райбальніцы, урач-эндаскапіст Раман Яўстраценка. – У дзень яго праходзіць у сярэднім 15 чалавек. Новае абсталяванне дазваляе атрымаць якасную карцінку. Прычым, выводзіцца яна на вялікі манітор. Гэта дазваляе ў дэталях ацаніць стан страўнікава-кішэчнага тракта пацыента.

Як паведамілі ў райбальніцы, гэта не першае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў гэтым годзе. Раней тут набылі відэаларынгаскоп і дазатары шпрыцавыя для аддзялення рэанімацыі, а таксама сучасную стаматалагічную ўстаноўку. Акрамя таго, працягваецца ўстаноўка гукавых інфарматараў для невідушчых.